![]() |
О, Беларусь!.. Няхай усклікну І я – за волатамі ўслед. Як пілігрым нясе малітву - Так я нясу іх запавет.
Я скалясіў і змераў пешкі Твае прасторы ўдоўж і ўшыр - І ўсе шляхі, дарогі, сцежкі Пакрыжаваліся ў душы.
Не знаю сам, якога зелля Ты падліваеш мне ў пітво, - Што гэтак моцна, гэтак хмельна Твае чаруе хараство.
Не знаю слоў, каб растлумачыць, Разгадку тайны праявіць, - Чаму штодня мне трэба бачыць Той непаўторны краявід.
Чаму без роднага паветра Я доўга дыхаць не магу. Чаму мне суджана павечна У неаплатным быць даўгу -
Перад тваёю некрыклівай, Зусім не кідкаю красой, Што з воч зрываецца імклівай, Непераможнаю слязой,
Што анакому ні чужая І нават кончаных бадзяг Адчуць раптоўна прымушае, Як радасць тахкае ў грудзях.
“Якая дзіўная краіна! - Пісала госціца адна: - І да Бабруйска скрозь – раўніна, І за Бабруйскам – раўніна’...”
Перапрашаю госцю вельмі - Удакладніць належыць текст: Хоць раўніна’ – ды не пустэльня, Хоць і раўніна – ды не стэп!
Ніл Гілевіч |
![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]()
|
Bortniki Studio 2010 |